Официальный сайт
Адрес райисполкома:
231201, г. Островец,
ул. К.Маркса, 2
Электронная почта:
ostrovrec@mail.grodno.by
Телефон: (8-015-91)-7-52-01
Факс: (8-015-91)-7-52-38

1 июня 2020

С ориентиром на большое молоко трудятся гервятцы


Перавод статка, безумоўна, суправаджаецца ростам надояў, але каб ён аказаўся не часовай з’явай, жывёлаводы павінны многа і мэтанакіравана папрацаваць. 

Як адбываецца кругла­сутачнае  выпасванне жы­вёлы ў КСУП «Гервяты» на мінулым тыдні даве­даўся наш карэспан­дэнт, завітаўшы на малоч­на-таварную ферму «Сакалойці». 

– У нашай гаспадарцы пяць малочна-таварных ферм. На чатырох – «Малюта», «Сакалойці», «Чэхі», «Гіры» – кароў выгналі на пашу напачатку красавіка, – расказвае галоўны заатэхнік КСУП «Гервяты» Алег Мядзведзеў. – На жаль, побач з фермай «Міцюны» няма добрай пашы – зялёнку рагулі атрымліваюць на кармавыя сталы, таксама ёсць выгульны дворык. 

1.jpg



Паспяховасць летне-пашава­га ўтрымання залежыць ад мно­гіх фактараў, у тым ліку ад паступовасці пераводу жывёлы са стойлаў на пашу.

– На маленькіх малочна-таварных фермах практыкуецца кругласутачнае выпасванне жывёлы. Каровы ласаваліся травой цягам некалькіх гадзін, паступова час іх знаходжання на пашы павялічвалі, – працягвае галоўны заатэхнік. – З-за нізкай тэмпературы начнога паветра толькі два тыдні назад гурты сталі пасці круг­ласутачна. 

У адрозненне ад ферм, на малочна-таварных комплексах «Рымдзюны» і «Дайлідкі» каровы ўвесь год знаходзяцца на стойлавым утрыманні. 

– Што тычыцца комплексаў, то сучасныя тэхналогіі практычна звялі да нуля розніцу ў прадукцыйнасці жывёлы зімой і летам, – тлумачыць Алег Мя­дз­ве­дзеў. – Мы практыкуем трох­­разовыя даенне і кармлен­не. Акрамя кормасумесі і кан­цэн­т­­­ра­таў, каровы атрым­ліваюць зялёную масу з так зва­­ных куліс­ных пасеваў – па восем кілаграмаў на галаву. Вырошчваем азімае жыта і свірэпіцу на корм палосамі ўжо некалькі гадоў. Атрымліваецца цудоўны фураж, які дадае прадукцыйнасці жывёле.

Тым не менш, цяжка пера­ацаніць станоўчы эфект пашавага ўтрымання: свежая трава і праменад на свежым паветры добра ўплываюць на стан жывёлы – фактычна адбываецца яе аздараўленне, а яшчэ і рост малака. Дарэчы, апошняе, не было б магчымым, калі б у рацыёне рагуль не было канцэнтраваных кармоў. 

– Акрамя кормасумесі з сіласу і бабовага сенажу дойныя каровы атрымліваюць канцэнтраты – у сярэднім з разліку 350 грамаў на  кілаграм малака, – падсумоўвае галоўны заатэхнік. – Па надоях і па вале мы плюсуем: з пачатку года на комп­лексах і фермах надаілі крыху больш за 396 тон малака, а гэта на 25% больш за аналагічны перыяд мінулага года. 

Сярод пяці малочна-таварных ферм КСУП «Гервяты» найбольшы плюс у надоях на карову сёлета дэманструюць «Сакалойці»: у сярэднім за суткі рагуля дае 21,2 кілаграма малака – да параўнання: летась надой складаў усяго 11,6. 

Побач з фермай  грамадскі статак (240 галоў) з задавальненнем паядаў сакавітую траву. Пазменна за каровамі на пашы сочаць чатыры пастухі – па два ў змену. 

Выпас жывёлы праходзіць па загонна-парцыённай сістэме: жы­вё­лаводы з дапамогай электра­­агароджы адбіваюць на пашы спецыяльныя клеткі, якія праз паўтары гадзіны пераносяц­ца на новы ўчастак. Пасля страўлення падкашваюцца рэшткі траў, на пашавыя ўгоддзі ўно­­сяцца мінеральныя ўгнаенні – літа­ральна праз некалькі тыд­няў паша даспявае да новага страў­лення. 

Дарэчы, каровы паядаюць траву нераўнамерна. Пасля страў­лення ў «Гервятах» пашу падкошваюць, а рэшткі здробненай травы на прэс-падборшчыку замотваюць у стрэйч-плёнку – у выніку атрымліваецца спажыўны сянаж.

– З такімі травамі, як у нас, кароў можа пасвіць і навічок, – з усмешкай гаворыць Генадзь Палачанскі, які восьмы сезон працуе пастухом. – У мінулым годзе моцна засушыла – травастой быў ніякі. Давялося пабегаць за каровамі, якія прарываліся праз «клетку». 

Разам з Генадзем Палачанскім пасвіць кароў у «Сакалойцях» Андрэй Лаўрыновіч. 


– Пасля ранішняй дойкі, якая пачынаецца ў сем гадзін, выганяем гурт на пашу, – расказвае мужчына. – На ферму кароў прыганяем каля шасці гадзін вечара на другую дойку, потым – ізноў на пашу. Назаўтра на змену заступаюць іншыя работнікі. 

На пашы, як таго і патрабуе тэхналогія, ёсць пафарбаваная ў светлы колер бочка з вадой, яслі з сенам і «лізунцы» з соллю. Кант­роль за забяспечанасцю жывёлы вадой – справа заатэхнічнай службы, але большасць пастухоў, зарплата якіх прывязана да надояў, самі зацікаўлены ў бесперабойным паенні. 

– Высокая вільготнасць свежай травы і незбалансаванасць рацыёну па клятчатцы і пратэіну прыводзіць да зніжэння жвачнай здольнасці кароў, – да размовы далучаецца Алег Мядзведзеў. – Таму статак абавязкова трэба забяспечыць грубымі кармамі. На пашы заўсёды ёсць сена. Соль-лізунец, напрыклад, павялічвае колькасць малака на 10%, а ўтрыманне ў ім тлушчу – на 0,8%.

Спыняцца на дасягнутым гервятцы не збіраюцца, у планах атрымаць ад каровы 7 500 кілаграмаў малака. 


У КСУП «Гервяты» пасвяць, у тым ліку кругла­сутачна, 750 кароў. 

На адну ўмоўную галаву прыпадае 0,5 гектараў пашы. На круглагадавым стойлавым утрыманні знаходзіцца 1 150 галоў.


 Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.


 
Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич