Главная / Новости / Новости района
31.03.2020

Чего стесняются пожилые и как повлияет на темпы сельхозработ похолодание - выясняли на планерке в райисполкоме

Пачалася яна з абмеркавання паніжэння тэмпературы, што, аднак, не павінна ўплываць на тэмпы работы арганізацый і прадпрыемстваў раёна, найперш – сельскагаспадарчых.

Пасяўная: ідзём па графіку

Як паведаміў першы намеснік старшыні райвыканкама Іван Карніла, засеяна больш за палову запланаваных аб’ёмаў. Гервятцы і гудагайцы шчыравалі ў палях нават у выхадныя.
– Прагноз абяцае пахаладанне, але гэта не павінна запаволіць пасяўную, – адзначыў старшыня райвыканкама Ігар Шалудзін. – У кожнай гаспадарцы неабходна наладзіць бесперапынную работу людзей і тэхнікі. Не павінен прастойваць і самаходны апрысквальнік – добра было б скласці графік яго выкарыстання і арганізаваць бесперабойны падвоз КАСа.
На кантролі і падрыхтоўка да пасеву цеплалюбівых культур – люцэрны, кукурузы і цукровых буракоў. Па меркаванні Ігара Шалудзіна, нельга спазніцца з сяўбой цукровікаў, каб не паўтарыць горкі вопыт папярэдніх гадоў, калі ў глебе не хапала вільгаці для прарастання насення, – сёлета сіноптыкі зноў абяцаюць сухую вясну.
– Не забывайце пра рамонт корманарыхтоўчай тэхнікі, – звярнуўся старшыня райвыканкама да Івана Карнілы. – Давайце прадпрыемствам канкрэтныя даручэнні і сачыце за іх выкананнем. Калі ёсць неабходнасць у новай тэхніцы, працуйце з аграсэрвісам – прычым не кожная гаспадарка паасобку, а ўсе разам.

АДНЫМ СКАЗАМ
– Актыўнымі тэмпамі наводзяць парадак на зямлі КСУПы раёна.
– У варнянскім садзе праводзіцца масавая падкормка, апрацоўка і абрэзка дрэў.

Школы: рамонты круглы год
Дробныя рамонтныя работы ва ўсіх навучальных установах праводзяцца пастаянна. Як праходзіць выпраўленне недахопаў, выяўленых у школах раёна падчас абласной праверкі ў канцы мінулага года, паведаміў намеснік старшыні райвыканкама Генадзь Бычко. Так, калі ў спондаўскай школе сур’ёзных заўваг не было, а існуючыя работнікі выправілі самастойна, то школе ў Рытані патрабуецца рамонт з прыцягненнем спецыялістаў. У Рымдзюнах ёсць недахопы па стане пажарнай бяспекі – да 14 красавіка будуць завершаны работы па іх устараненні.

Пажылыя: спраўляюцца ці саромеюцца?
Каб зменшыць рызыку захворвання пажылых людзей каронавірусам, раённыя актывісты з ліку работнікаў сацыяльнай службы, БРСМ і Чырвонага Крыжа арганізавалі «Гарачыя лініі», на якія могуць звярнуцца бабулі і дзядулі, каб папрасіць дапамогі ў дастаўцы ім лекаў, прадуктаў або тавараў першай неабходнасці.

За такой дапамогай пакуль звярнуўся толькі адзін чалавек.
– Чаму так мала званкоў? – задаў рытарычнае пытанне Ігар Шалудзін. – Можа, пажылыя людзі самі спраўляюцца – працягваюць, не баючыся незразумелай для іх хваробы, самастойна хадзіць за пакупкамі ці дзеці ім дапамагаюць – і гэта добра. А можа, хтосьці проста саромеецца турбаваць людзей?
Але гэта не дробязь, упэўнены ў райвыканкаме, бо здароўе і жыццё чалавека – на першым месцы.
– Не трэба сядзець склаўшы рукі і чакаць, – адзначыў Генадзь Бычко. – Будзем самі тэлефанаваць і прапаноўваць дапамогу.

Смецце: збіраем, ды не ўсё

Тэма збору другасных матэрыяльных рэсурсаў ужо стала традыцыйнай для ўдзельнікаў планёркі.
Нягледзячы на мерапрыемствы, якія праводзяцца ў горадзе і сельскай мясцовасці, невыкананым у раёне застаецца заданне па збору шкла.

– Хацелася б пачуць прапановы, як павысіць гэты паказчык, – звярнуўся да калег Ігар Шалудзін. – Мы сядзім і чакаем, калі будзе запушчана лінія сарціроўкі, а шкло між тым плыве скрозь пальцы. Так быць не павінна, бо краіна паступова пераходзіць ад упакоўкі з пластыку і паперы да шматразавай шкляной.

У гэтым рэчышчы паўстала і пытанне вывазу смецця з аграгарадкоў раёна. Так, адзначыў Ігар Яраслававіч, у Гервятах даўно падрыхтаваны пляцоўкі пад кантэйнеры, аднак саміх кантэйнераў няма.

– Будуць, – запэўніла старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Тальчук. – Гервяты – турыстычная кропка нашага раёна, таму ўстанавіць там тыя непрыглядныя кантэйнеры, што перадала ЖКГ, нельга. У бліжэйшы час будуць закуплены новыя, сучасныя.

НА КАНТРОЛІ

Вадаправод у мікрараёне вуліцы Гашкевіча
Па словах дырэктара ЖКГ Аляксандра Мекіна, будаўнічыя матэрыялы закуплены. Работы пачнуцца ў пачатку красавіка, калі ў арганізацыі з’явіцца патрэбны экскаватар.

Вада ў Філіпанах
З адсутнасцю вады ў калодзежах жыхары вёскі сутыкнуліся не ўчора. Намесніку старшыні выканкама Віктару Зелянко даручана высветліць, якая сітуацыя там сёння. Калі ёсць такая неабходнасць, трэба арганізаваць падвоз вады ў вёску – да той пары, пакуль праблема не будзе вырашана.

***

Цытата тыдня
– На пытанні людзей трэба адказваць адкрыта і канкрэтна, каб яны разумелі, што ім варта чакаць і калі, а на што не трэба спадзявацца. (Ігар Шалудзін)

Текст: Ольга Хотянович