Версія для друку
Памер
+
Друк

Сельскі сход прайшоў у Варнянах

Сельскі сход па папярэджанні надзвычайных сітуацый прайшоў на мінулым тыдні ў Варнянах. На яго былі запрошаны не толькі дарослыя жыхары аграгарадка, але і старшакласнікі мясцовай школы. І гэта невыпадкова: хутка пачнецца поўнае спакус лета, і каб яно прынесла толькі радасны і карысны адпачынак, а не закончылася бядой ці непапраўнай трагедыяй, дарослыя і дзеці павінны ведаць, як сябе паводзіць, што рабіць можна, а што – катэгарычна забаронена.

Забягаючы наперад, скажу, што нават тыя, хто ішоў на сельскі сход са скептычнай усмешкай: маўляў, зноў будуць павучаць, што нельга гуляць з запалкамі, сто разоў чулі! – выходзілі з залы з сур’ёзным выразам твару. На сходзе не павучалі і не прыводзілі прапісныя ісціны, а расказвалі пра рэчы і сітуацыі, у якіх пры пэўным збегу абставін мог бы апынуцца кожны з прысутных – ці іх блізкія, суседзі, сябры.

3.jpg

Ніна Рыбік

– Мы не ў госці да вас прыехалі, а для таго, каб разам папрацаваць і каб кожны мог усвядоміць, як проста папярэдзіць бяду і як цяжка, а часам і немагчыма, вярнуць страчанае, – сказала, распачынаючы размову, старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Тальчук. – Бо нездарма ж кажуць: папярэджаны – значыць, узброены!

Першы намеснік начальніка Гродзенскага абласнога ўпраўлення МНС Аляксандр Ясеў не толькі расказаў пра колькасць і прычыны пажараў, што адбыліся з пачатку года ў вобласці, але і падмацаваў свае словы канкрэтнымі прыкладамі.

Найбольш уразіў прысутных расповед пра лясны пажар каля вёскі Гожа пад Гродна, у выніку якога было знішчана амаль 750 гектараў лесу. Цяжка падлічыць, які гэта вялізны ўрон, – спецыялісты гэта, безумоўна ж, зробяць, і калі знойдуць вінаватага – а зрабіць гэта не так цяжка, бо ў лесе ўстаноўлена шмат фоталавушак – то аплачваць урон давядзецца не толькі яму, але, мяркую, яшчэ і яго нашчадкам. Ці варта такая цана адной непатушанай цыгарэты, кінутай у сухую траву запалкі ці пакінутага без нагляду вогнішча – пытанне рытарычнае.

Канешне, урон, які нанесла выпальванне сухой травы каля вёскі Нідзяны мясцовай жыхаркай, не такі значны, але і 750 рублёў штрафу, якія ёй давядзецца заплаціць надоўга запомняцца віноўніцы пажару.

Практычна ўсе асноўныя прычыны пажараў і іншых надзвычайных здарэнняў, якія называлі ў сваіх выступленнях Аляксандр Ясеў і начальнік Астравецкага РАНС Віталій Рыбак, зафіксаваны і ў Варнянскім сельсавеце – пра іх расказаў старшыня сельвыканкама Аляксандр Вярбовіч. Выпіў, закурыў, заснуў з цыгарэтай у ложку – як гэта было і як яго ўратавалі аднавяскоўцы, мог бы расказаць жыхар Ігнацова – калі памятае, вядома, каму абавязаны жыццём.

2.jpg

Аляксандр Вярбовіч

Добра прапалілі і, памыўшыся, пайшлі адпачываць – ад перакаленай печкі ўзнік пажар – гэта ўжо на хутары Кланішкі.

У Петраполі загарэлася кацельня, дзе труба не адпавядала супрацьпажарным патрабаванням.

“Не пакідайце непрацуючыя электрапрыборы ўключанымі ў разетку – гэта небяспечна” – хто не чуў гэтае папярэджанне пажарных і энергетыкаў? І, паклаўшы руку на сэрца – ці шмат тых, хто яго выконвае? Думаю, што будаўнікі, якія жылі ў інтэрнаце ў Варнянах, зараз ужо дакладна выконваюць, бо навучаны на сваім горкім вопыце: зараднае прыстасаванне для мабільніка, якое пакінуў у разетцы адзін з іх, стала прычынай пажару – на шчасце, без ахвяр.

На жаль, чужыя памылкі мала каго вучаць. У пажарных, напэўна, языкі ўжо стаміліся гаварыць пра асноўныя прычыны пажару, у журналістаў камп’ютары дзяжурныя словы распазнаюць па першых літарах, а нашы чытачы моршчацца, прачытаўшы рубрыку ці загаловак: ізноў пра пажары – а людзі зноў і зноў наступаюць на адны і тыя ж граблі. І колькі разоў гэта павінна адбыцца, каб кожны зразумеў: правілы супрацьпажарнай бяспекі напісаны не чарнілам – галавешкамі згарэлых хат, а ў найгоршым выпадку – крывёю загінулых у страшных трагедыях.

І пажары – не адзіная небяспека, якая падсцерагае тых, хто жыве па прынцыпе: пранясе – не першы раз. Смяротна небяспечным могуць быць газавае абсталяванне і электрычныя прыборы, калі іх няправільна эксплуатаваць і пачынаць чытаць інструкцыю толькі калі нешта сапсуецца ці загарыцца – пра гэта гаварылі начальнік Астравецкага раёна газазабеспячэння Юрый Шоць і начальнік інспекцыі энерганагляду Уладзімір Харужы.

Пра крымінагенную абстаноўку на тэрыторыі сельскага Савета расказаў участковы інспектар міліцыі Дзяніс Іканопала – па яго словах, у апошні час сітуацыя істотна палепшылася.

З надыходам цяпла дарослых і дзяцей вабяць да сябе рэкі, азёры, сажалкі – на жаль, ніводнае лета не праходзяць, каб вада не забрала некалькі ахвяр. А людзі ўсё гэтак жа не ўяўляюць адпачынку ля вадаёмаў без “беленькай”, на “слабо” кідаюцца пераплываць рэчкі і азёры, даюць нырца ў незнаёмым месцы і пакідаюць дзяцей адных бавіцца ля вады.

– Беражыце сваіх дзяцей – гэта самае дарагое, што ў нас ёсць,  папрасіў прысутных старшыня сельвыканкама Аляксандр Вярбовіч.

Размова на сельскім сходзе ішла шчырая і канкрэтная. Хочацца спадзявацца, што гасцям удалося дастукацца да свядомасці прысутных.

І што ім, у сваю чаргу, удасца гэтак жа пераканаўча расказаць пра ўсё тым, каго не было ў гэты дзень на сходзе – знаёмым, калегам, суседзям. Бо любую бяду лягчэй папярэдзіць, чым затым ліквідаваць яе наступствы.

 


Текст: Нина Рыбик
 
Вы можаце знайсці гэту старонку па наступным адрасе:
http://www.ostrovets.grodno-region.by/by/ostrovets-news-by/view/selski-sxod-prajshou-u-varnjanax-13814/

© Астравецкі раённы выканаўчы камітэт, 2016
Распрацоўка і падтрымка сайта БЕЛТА