Афіцыйны сайт
18 студзеня 2019

Дзень інфармавання насельніцтва прысвяцілі Году малой радзімы

Документ без названия

Па традыцыі, у трэці чацвер месяца інфармацыйныя групы сустракаюцца з калектывамі прадпрыемстваў і арганізацый раёна. Студзеньскі дзень інфармавання насельніцтва быў прысвечаны Году малой радзімы і знакавым падзеям 2018 года.

 З працоўным калектывам КСУП “Гервяты” сустрэліся намеснікі старшыні Астравецкага райвыканкама і камісіі па справах непаўналетніх.

“Мой родны кут – як ты мне мілы…”

Для кожнага чалавека месца, дзе ён нарадзіўся і гадаваўся, мае выключнае значэнне. Нездарма нашы продкі казалі: мілы той куток, дзе рэзаны пупок.

– Сёлета адначаецца 100-годдзе БССР. З таго часу вядзецца гісторыя нашай краіны, – падкрэсліў намеснік старшыні райвыканкама Віктар Свіла. – Год – гэта не такі ўжо і вялікі тэрмін, таму па ініцыятыве Прэзідэнта было вырашана, што пад знакам Году малой радзімы пройдуць 2019 і 2020 гады. Галоўнае – каб людзям было камфорта жыць на сваёй зямлі. Гэта не проста ідэя, а канкрэтны план мерапрыемстваў.

Віктар Збігневіч падрабязна спыніўся на кожным пункце: навядзенне парадку на зямлі і добраўпарадкаванне населеных пунктаў, стварэнне камфортных умоў для пражывання і стымуляванне дзелавой актыўнасці і іншых – і прывёў канкрэтныя прыклады з развіцця нашага раёна і горада.

Сімвалічна, што Год малой радзімы супаў з 550-годдзем Астраўца, святкаванне якога прайшло ў жніўні. З нагоды юбілею горад прымаў падарункі на працягу ўсяго года: адкрыццё спартыўна-аздараўленчага комплексу, стадыёна, гандлёвых аб’ёктаў і іншыя.

IMG_8562.jpg

 

“Адзін неабдуманы ўчынак можа зламаць дзіцяці лёс”

Намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Тарэса Драган адзначыла, што ў раёне назіраецца тэндэнцыя зніжэння колькасці правапарушэнняў, але парушальнікаў стала больш. За кожным крадзяжом ці хуліганствам стаіць лёс асобнага дзіцяці.

Замест халоднай коснай статыстыкі Тарэса Мар’янаўна прывяла выпадкі з жыцця, якія красамоўней за лічбы паказваюць, што адзін неабдуманы ўчынак можа зламаць дзіцяці ўсё жыццё.

 – Будзьце ўважлівымі і беражыце сваіх дзяцей, – такімі простымі на першы погляд, але вельмі важнымі словамі завяршыла сваё выступленне Тарэса Драган.

 

Што пасееш – тое і пажнеш

Першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Іван Карніла, які нядаўна прыехаў у наш раён, ужо паспеў увайсці ў курс спраў развіцця сельскай гаспадаркі:

– Мінулы год для аграрыяў быў няпростым. У вашай гаспадарцы прывагі жывёлы большыя за сярэднераённыя, і за мінулы год вы атрымалі 6,5 тысяч кілаграмаў малака ад каровы, што на 200 кілаграмаў больш за пазалеташні год. Гэта нядрэнныя вынікі, але трэба імкнуцца да большага. Задача нумар адзін – падрыхтаваць усю тэхніку да пасяўной кампаніі. Спознімся з тэрмінамі сяўбы – недабяром збожжа і кармоў, недакормім жывёлу – не атрымаем малака. У сельскай гаспадарцы ўсё ўзаемазвязана – і тут дробязяў не бывае.

IMG_8561.jpg

 

Акрамя гэтага, на дні інфармавання былі ўзняты пытанні пажарнай бяспекі, бяспечных паводзінаў на лёдзе і пры катанні з горак.

Пасля абеду дзень інфармавання ў СШ №2 правёў намеснік старшыні райвыканкама Віктар Свіла.


Текст: Алена Гануліч
Фото: Алена Гануліч