Афіцыйны сайт
30 мая 2019

Апошні школьны званок прагучаў для выпускнікоў Астравеччыны

На гэтым тыдні для 167 выпускнікоў раёна на ўрачыстых лінейках, прысвечаных заканчэнню навучальнага года, прагучалі наказы бацькоў і настаўнікаў, цёплыя пажаданні сяброў і прадстаўнікоў улады, вершыкі ад шапялявых першакласнікаў – такімі ж кранальна-смешнымі былі яны самі адзінаццаць гадоў таму – і шчымлівая мелодыя школьнага вальса.

А затым для іх у апошні раз прадзілідоніў школьны званочак, абвяшчаючы, што дзяцінства скончылася, і некалі такое жаданае, а зараз трохі страшнаватае дарослае жыццё – вось яно, за парогам школы…


Няхай ім шчасціць, нашым так нечакана хутка стаўшым на крыло птушанятам! І няхай іх жыццёвы шлях вядзе да новых перамог і вяршынь.


А голас школьнага званка, матуліна калыханка, смак і водар малой радзімы назаўжды застануцца ў патаемным куточку душы як запаветны абярэг.

Нина Рыбик